Пятница, 29.03.2024, 09:43 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Главная » 2013 » Февраль » 25 » Высокое собирает друзей
14:29
Высокое собирает друзей

Кажуць: сапраўдных сяброў не бывае многа. Тых, якія пойдуць і ў агонь, і ў ваду, і ў горы – "с тобой, как в бой”. Тых, якія не толькі суцешаць у бядзе, але і шчыра парадуюцца за цябе – гэта нашмат цяжэй! Так кажуць, і да 29 студзеня бягучага года я верыла ў гэтую простую ісціну. Верыла да той пары, пакуль не адкрылася пад цудоўную музыку заслона Высокаўскага гарадскога Дома культуры, дзе праходзіў у гэты дзень канцэрт-прысвячэнне "Горад збірае сяброў, ці Добрыя сустрэчы”. Сяброў у Высокага аказалася надзвычай шмат: і на сцэне, і ў глядзельнай зале. Можна толькі пазайздросціць!
Мароз на вуліцы шчыра шчыпаў за шчокі, нібыта стараўся навярстаць страчанае, але гледачам і артыстам ён быў не страшны. Што там мароз, калі ў горадзе такое свята! Прадуманая канцэртная праграма настройвала на філасофскі лад, не адпускала ні на хвіліну. Вядучыя Таццяна Кітаеўская, Ірына Дубінская, Ірына Сіняўская і Алег Грыпічук расказвалі са сцэны пра тое, як шчасна і радасна жыць на гэтым свеце, як важна любіць і аберагаць адно аднаго, што для таго, каб асвятляць шлях іншым, трэба "знайсці ў сабе сонца”. Усе гэтыя словы і вершы хацелася тут жа, адразу, запісаць, каб помніць. Асабліва тыя, што тычыліся музыкі, якая лепш за ўсё на свеце дапамагае чалавеку рабіць жыццё радасным і цікавым.
У пацвярджэнне такой думкі цёпла і шчыра сустракалі высакаўчане таленавітых мясцовых артыстаў: Сяргея Карпава, яго ўзорную эстрадную студыю «Юныя дараванні» і гурт «Марціні» з Белавежскага; Наталлю Залесаву з Пелішча; Аляксандра Кунца і народную эстрадную студыю «Версія» з Дзмітровічаў; сваіх землякоў Святлану Васільеву, Паўла Сухарава, Алену Зайцаву; Вольгу Мышленнік і Жанну Вярэніч з Камянюкаў; камянчанак Таццяну Гурко, Наталлю і Крысціну Яўташук; эстрадны танцавальны калектыў «Тандэм» г.Каменец пад кіраўніцтвам Ларысы Табольчык і ўзорны ансамбль эстраднага танца «Капрыз» (кіраўнік Валянціна Крывец) з Каменца. Былі таксама і госці, якім давялося пераадолець немалыя адлегласці для таго, каб завітаць 
студзеньскім вечарам у Высокае. Як напрыклад, салістцы Белдзяржфілармоніі Ганне Місевіч, спеваку і кампазітару эстраднага шансона Сяргею Славянскаму і Вользе Вайніловіч з Мінска. Аўтар і спявак Аляксандр Шчасюк прыехаў з Жабінкі, а саліст гурта «Саланг» Аляксандр Ганцэвіч – з Жодзіна. Сапраўдныя сябры горада ні за што не прапусцілі б такое свята! Усе гледачы выдатна разумелі гэта і таму шчыра віталі кожнага, хто выходзіў на сцэну, а, праводзячы за кулісы, не шкадавалі такіх прыемных артысту словаў, як "малайчына!”, "брава!” і "біс!”.
У антракце паміж двума аддзяленнямі захопленыя гледачы не хацелі нават выходзіць з залы, прыслухоўваючыся да гукаў за заслонай, дзе мянялі дэкарацыі. Але ў фае іх чакалі смачныя пачастункі ад ПГУП «Высокаўскае» і календары на новы, 2012-ы, год з высокаўскім каларытам. Як было не набыць сабе такі на памяць аб свяце?
Успомніць пра час усім прысутным у зале прыйшлося толькі тады, калі пад апошнюю песню на сцэну выйшлі тыя, чыімі сіламі арганізоўваўся канцэрт. Акрамя таго, дапамогу ў гэтай падрыхтоўцы аказалі аддзел культуры Камянецкага райвыканкама (яго начальнік Мікалай Громік сказаў напрыканцы свята некалькі цёплых слоў), Высокаўскі гарадскі выканаўчы камітэт, СААТ "Белавежскія сыры”, ТАА "Круіда”, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Высокае, якім кіруе Людміла Дудар, і высакаўчанін Мікалай Іванавіч Байдоўскі. На канцэрце-прысвячэнні прысутнічалі таксама госці з абласнога ўпраўлення культуры.
Дырэктар Высокаўскага ГДК Алег Грыпічук уручыў медаль горада Высокае Сяргею Славянскаму, якога добра сустракалі гледачы. "Да сустрэчы на такім жа канцэрце 27 студзеня 2013 года!” – сказаў напрыканцы Алег Барысавіч, і ўсе гледачы ўсталі са сваіх месцаў, зусім, як у тэатры.
Няхай жа жывуць "Добрыя сустрэчы” ў Высокім! Няхай жа збіраюць яны штогод, у апошнюю нядзелю студзеня, усё больш і больш сяброў! Няхай жа не знікне, не прападзе цудоўнае пачынанне! Няхай жа ў кожным з нас будзе СОНЦА!
Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара
Просмотров: 828 | Добавил: VIC | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]