Вторник, 16.10.2018, 01:25 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Главная » 2013 » Август » 2 » Так умеюць толькі ў Высокім…
17:32
Так умеюць толькі ў Высокім…
На чарговую сустрэчу з самым заходнім горадам Беларусі ехала з асаблівым хваляваннем, бо на гэты раз мне прапанавалі да звыклай ролі журналіста дадаць яшчэ адну – вядучай урачыстага адкрыцця Дня горада. Высокае святкавала сваё 519-годдзе і 69-ю гадавіну вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пасля мітынгу ў гарадскім скверы накіравалася ў парк. Сцэну пад адкрытым небам рыхтавалі да канцэртаў, а высакаўчане і госці горада гулялі ўздоўж  гандлёвых радоў. Каштавалі шашлык, напіткі і салодкія прысмакі. Дзеці выстройваліся ў чэргі ля надзіманых горак, батутаў і бяспройгрышнай латарэі (я таксама не змагла ўтрымацца ў надзеі выйграць вялікага пушыстага мядзведзя). Для дарослых арганізатары свята падрыхтавалі не менш цікавыя забаўкі: можна было паспрабаваць забіць цвік з двух удараў, трапіць дроцікам у паветраны шар і іншае. На стадыёне тым часам футбольныя клубы "Высокае” і "Аграпрадукт” змагаліся за па­льму першынства (перамог другі). Ля прыгожа аздобленай сцэны радавалі вока і мастацкі густ карціны мастакоў-ўдзельнікаў пятага і шостага рэгіянальных беларуска-польскіх пленэраў, што праходзілі летась і сёлета ў Высокім. Між тым, падыходзіў час выйсці на сцэну да мікрафона…
Віншуем…
Маімі сувядучымі сталі дырэктар гарадскога Дома культуры Алег Грыпічук і вучаніца Высокаўскай СШ Ганна Праснова. Перш-наперш – заслужаныя падарункі з рук намесніка старшыні Камянецкага райвыканкама Мікалая Антончыка атрымалі працавітыя і таленавітыя жыхары Высокага. Вось іх імёны: старшы майстар філіяла "Высокаўскае ДРБУ №137” Аляксандр Штаненка, слесар аварыйна-аднаўленчых работ Высокаўскага ўчастка раённага вытворчага ўпраўлення "Каменецрайгаз” Васілій Ляўчук і вышэй згаданы Алег Грыпічук, пад кіраўніцтвам якога мясцовы ГДК заслужыў адзнаку: яго калектыў названы на раённай Дошцы гонару. Не абышлі ўвагай і тры юбілеі: 75-годдзе СААТ "Белавежскія сыры”, палову стагоддзя філіяла "Высокаўскае ДРБУ №137” і 35 гадоў з часу заснавання мясцовай музычнай школы. Падарункі адораным школьнікам – Ганне Калашнікавай, Дзмітрыю Курняўку, Раману Карпуку і Ігару Сачкову – уручыў старшыня гарвыканкама Леанід Бірук (першыя двое праявілі сябе ў галіне адукацыі, двое другіх – у спорце).
Не абышлося і без музычных сюрпрызаў. Іх падрыхтавалі педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, самадзейныя артысты з Высокага, Макарава, Расны, Войскай, Брэста, студыя "Радасць мая”, кіраўнік народнага тэатра гумару, гульні і песні "Хмелеўскія валацугі” Наталля Дырман. А "гвоздем программы” стала выступленне фальклорнага калектыву "Цаглінкі” са Старога Ляўкова (Рэспубліка Польшча) пад кіраўніцтвам Мікалая Мяжэннага.
Гэты ансамбль, дарэчы, вельмі папулярны сярод слухачоў у Польшчы і Беларусі, штогод дае 25-30 канцэртаў. У яго рэпертуары песні на польскай, беларускай і ўкраінскай мовах.
Неаднаразова "Цаглінкі” прадстаўлялі сваё Падляшскае ваяводства на айчынных фестывалях, у 2002-м заваявалі Гран-пры і кубак "Сеніярады” ў Беластоку; праз два гады атрымалі дыплом Міністра культуры Польшчы, у 2011-м узнагароджаны калектыўным знакам "За заслугі перад польскай культурай” і медалём "За заслугі для Гайнаўскага павета”.
Частуемся…
Наступным, адным з самых чаканых, пунктам святочнай праграмы стала "Сыр-шоу” з нагоды юбілею горадаўтваральнага прадпрыемства, арганізацыю якога ўзяла на сябе Ірына Швейкус, што працуе ў аддзеле маркетынгу СААТ "Белавежскія сыры”. Падчас шоу гледачы ў зале актыўна адказвалі на няпростыя "сырныя” пытанні, галасавалі за лепшы гатунак гэтага прадукта, пералічвалі назвы страў з сырам.
Самыя смелыя і артыстычныя ўдзельнічалі ў конкурсах: гатавалі салату з феты, будавалі з сыру вежу, інсцэніравалі байку Крылова "Варона і лісіца”, елі смятану на хуткасць, выгрызалі з сыру фігуркі… Вядучы "Сыр-шоу” Алег Грыпічук падвёў вынікі конкурсу на лепшую "сырную” ўсмешку (памятаеце, як перад камерай фатограф просіць: "Скажыце сы-ы-ыр!”?) і на лепшы плакат. Таксама вызначыліся пераможцы латарэі.
Уражанні засталіся самыя прыемныя, парадавалі падарункі, а гэта азначае, што ў хуткім часе, магчыма, "Сыр-шоу” падрасце да сапраўднага Фестывалю сыру!
* * *
Пасля сырных забаў гараджан і гасцей Высокага запрасілі на стадыён, дзе падчас выступлення пагранічнікаў заставы №6 "Такары” можна было паназіраць за тым, як затрымліваюць парушальніка і як працуе службовы сабака. 
Падпяваем…
Наступнага канцэрта я чакала з асаблівым нецярпеннем, відаць, таму, што люблю рэтра-музыку. З лепшымі песнямі знакамітых гуртоў "Чыж і К”, "Акварыум” і "ДДТ” выступіў вакальна-інструментальны ансамбль з Брэста пад кіраўніцтвам Ігара Пашэчкі. Далібог, ніколі не бачыла, каб гледачы так цёпла прымалі артыстаў! Падпявалі кожнай песні, танцавалі, здымалі на відэа… Мора пазітыву, светлая настальгія, растварэнне ў музыцы, і гэта яшчэ не "все, что останется” ў сэрцах слухачоў пасля канцэрта.
Потым прыйшла пара песням мінулых гадоў саступіць месца новым. Іх прывезлі з сабой маладыя зоркі тэлепраекта канала АНТ "Акадэмія талентаў”. Моладзь падтрымлівала гасцей з Мінска самымі шчырымі апладысментамі, ахвотна выходзіла на сцэну, а пасля канцэрта актыўна фатаграфавалася на памяць. Пад заключную песню зіхацеў-фантаніраваў над Высокім шыкоўны феерверк, ад якога ўсе прыйшлі ў захапленне. Спонсарам яго стала ТАА "Аграпрадукт”, а выступленні артыстаў са сталіцы і абласнога цэнтра спансіравалі "Белавежскія сыры”.
Высокае адсвяткавала свой дзень нараджэння. Усё тое, што мы пабачылі, адбылося дзякуючы зладжанай рабоце калектываў Высокаўскага ГДК, гарвыканкама, мясцовай ЖКГ, цэнтра дадатковай
адукацыі дзяцей і моладзі, санаторнай школы-інтэрната, філіяла "Высокаўскае” райспажыўтаварыства, СААТ "Белавежскія сыры”, ТАА "Аграпрадукт”, індывідуальных прадпрымальнікаў, якімі багатае Высокае. Дзякуй вам вялікі за свята! Думаю, многія высакаўчане і госці горада далучацца да маіх слоў. У наступным годзе, упэўнена, нас чакае не менш грандыёзная імпрэза. Да новай сустрэчы!
Настасся НАРЭЙКА.
Просмотров: 206 | Добавил: VIC | Рейтинг: 4.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]